|
Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку. Адбылося гэта 20 лютага 2012 г. падчас сустрэчы кіраўніка дзяржавы з пасламі дзевяці дзяржаў.
У размове з прадстаўніком Ватыкана Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё адносінаў з Апостальскай Сталіцай мае асаблівае значэнне для Беларусі, паколькі хрысціянскія маральныя каштоўнасці ляжаць у аснове культуры беларускага народа, яго духоўных традыцый.
Як паведамляе агенцтва «Белта», арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што яго асноўнай мэтай з’яўляецца ўмацаванне супрацоўніцтва паміж краінамі.
«Наша мэта — каб Беларусь ведалі за мяжой нашмат глыбей. Зразумела, гэта датычыць і культурнага супрацоўніцтва, і спорту, у якім Беларусь дасягнула поспехаў, і акадэмічнага супрацоўніцтва», — адзначыў іерарх.


|