па-беларуску по-русски english

Яго Эксцэленцыя
Габрыэль Мантальва Хігуэра,
Арцыбіскуп тытула Чэленэ
Апостальскі Нунцый

 

Арцыбіскуп Габрыэль Мантальва Хігуэра нарадзіўся 27 студзеня 1930 г. у горадзе Санта-Фе-дэ-Багата (сталіца Калумбіі). Атрымаў навуковыя ступені бакалаўра багаслоўя і доктара кананічнага права. Вучыўся таксама ў Папскай Царкоўнай Акадэміі (дыпламатычны інстытут Святога Пасаду) у Рыме. 18 студзеня 1953 г. быў пасвечаны ў святары Архідыяцэзіі Санта-Фе-дэ-Багата. 14 чэрвеня 1974 г. Папам Паўлам VI быў узведзены ў сан арцыбіскупа тытула Чэленэ. Абрад хіратоніі ў біскупа адбыўся 30 чэрвеня 1974 г.

Паступіў на дыпламатычную службу Святога Пасаду 1 ліпеня 1957 г. Працаваў у Апостальскіх Нунцыятурах у Балівіі, Аргентыне і Эл Сальвадоры. Пазней працаваў у Дзяржаўным Сакратарыяце і Радзе па Грамадскіх Справах Касцёла. 14 чэрвеня 1974 г. Папам Паўлам VI быў прызначаны Апостальскім Нунцыем у Рэспубліцы Гандурас і Рэспубліцы Нікарагуа. 18 сакавіка 1980 г. Папам Янам Паўлам II быў прызначаны Апостальскім Пранунцыем у Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспубліцы і Рэспубліцы Туніс, і Апостальскім Пасланцам у Лівійскай Арабскай Джамахірыі. Пасля смерці Кардынала Антоніа Саморэ 3 лютага 1983 г., Апостальскаму Нунцыю Габрыэлю Мантальва Хігуэра было даручана весці ад імя Святога Пасаду перамовы аб мірным рашэнні канфлікту паміж Аргентынай і Чылі ў адносінах канала Беагле, распачатага ў снежні 1978 г. і які скончыўся падпісаннем у Ватыкане 29 лістапада 1984 г. «Дамовы аб міры і сяброўству» і ўрачыстым абменам ратыфікацыйнымі граматамі 2 мая 1985 г. там жа. 12 чэрвеня 1986 г. Папам Янам Паўлам II быў прызначаны Апостальскім Пранунцыем у Югаславіі.

Арцыбіскуп Габрыэль Мантальва Хігуэра стаў першым акрэдытаваным Апостальскім Нунцыем  у незалежнай Рэспубліцы Беларусь (па сумяшчальніцтве). Ён быў прызначаны на гэтую пасаду 17 красавіка 1993 г. Папам Янам Паўлам II.

Прыбыў у беларускую сталіцу 11 мая 1993 г. Завераныя копіі даверчых лістоў ён прадставіў 12 мая 1993 г. Намесніку Міністра Замежных Спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміру А. Астапенка. У гэты ж дзень ён прадставіў даверчыя лісты Яго Правасхадзіцельству Станіславу І. Шушкевічу, Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Стала пражываў у Ватыкане і адначасова быў Апостальскім Пранунцыем у Федэральнай Рэспубліцы Югаславія (Сербія і Чарнагорыя) і Прэзідэнтам Папскай Царкоўнай Акадэміі (дыпламатычны інстытут Святога Пасаду) у Рыме.

Абавязкі Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь ён выконваў да 17 мая 1994 г. Пасля ён працягваў выконваць абавязкі Апостальскага Нунцыя ў сталіцы Сербіі і Чарнагорыі (да 24 лютага 1996 г.) і Прэзідэнта дыпламатычнага інстытута Святога Пасаду ў Рыме. 7 снежня 1998 г. Папам Янам Паўлам II быў прызначаны Апостальскім Нунцыем у Злучаных Штатах Амерыкі і назіральнікам пры Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаў (ААД), а ў 1997 г. прадстаўніком пры Сусветнай Асацыяцыі Юрыстаў (САЮ).

16 снежня 2005 г. скончыў дыпламатычную службу і сышоў на пенсію. Памёр 2 жніўня 2006 г. у Рыме.

 
© 2017 Apostolic Nunciature in Belarus